У студзені 2020 года кампанія МАСМІ даследавала, што людзі нашай краіны ведаюць пра ўтрыманне нясушак на прамысловых фермах, а таксама іх стаўленне да жорсткіх умоў, у якіх жывуць беларускія куры. Сваё меркаванне выказалі жыхары ўсіх абласных цэнтраў і буйных гарадоў.

Вынікі апытанкі ўражваюць: 88% рэспандэнтаў добра ўспрынялі б даступнасць на паліцах супермаркетаў яек ад курэй, якіх не ўтрымліваюць у клетках. 79% сцвярджаюць, што куплялі б яйкі з такіх фермаў у крамах распаўсюджаных гандлёвых сетак.

Што ж беларусы ведаюць пра жыццё курэй на птушкафабрыках? Толькі 25% вераць у тое, што куры могуць гуляць на свежым паветры, але большасць лічыць, што нясушкі жывуць у свіранах з вольным доступам да ежы.


Аўтар фота – Otwarte Klatki


На жаль, рэальная карціна ўтрымання курэй на буйных прадпрыемствах, адкуль паходзіць большасць яек, вымушае жадаць лепшага. Асноўным і найбольш распаўсюджаным (за рэдкімі выключэннямі) метадам ўтрымання птушкі на фабрыках з’яўляецца менавіта клеткавая сістэма, як самая эфектыўная і танная для вытворчасці ў прамысловых маштабах. Аднак, у такой сістэмы самыя страшныя недахопы: нясушкі, вымушаныя жыць па 10-20 асобін у цеснай клетцы, схільныя да канібалізму, хвароб, пераломаў касцей і агульнага знясілення. Курыца жыве на плошчы, роўнай аркушу фармату А4, не бачыць сонечнага святла і існуе не больш за два гады. Да яе ставяцца як да інструмента, таму, калі яе прадуктыўнасць зніжаецца, яе забіваюць. Даследаванне, праведзенае польскай арганізацыяй “Otwarte klatki” паказала, што праз 10-12 месяцаў свайго існавання нясушкі застаюцца амаль цалкам без пер’я, параненыя і пакутуюць на дэфіцыт кальцыя.


Аўтар фота – Otwarte Klatki


У прыродзе куры жывуць да 7-10 гадоў, час яны бавяць, даследуючы тэрыторыю, прымаючы пясчаныя ванны, корпаючыся ў зямлі, ачышчаючы пер’е. Усе гэтыя натуральныя патрэбы здушваюцца ў клетках, дзе нельга нават расправіць крылы. Да таго ж там парушаецца і сацыяльны лад жыцця птушак – яны не могуць утвараць статкаў са свай іерархіяй і парадкамі, што ўласціва для курэй, але не патрэбна іх уладальнікам.

Утрыманне курэй у клетках нясе пагрозу не толькі самім птушкам, але і людзям: фермерства – гэта крыніца небяспечных інфекцыйных захворванняў. Група экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адзначыла, што вытворчасць, дзе вялікая колькасць жывёл змяшчаецца ў малых памяшканнях, з’яўляецца адной з асноўных прычын распаўсюджвання курынага грыпу. Паветра ў такіх цэхах забруджанае аміякам, а куры пакутуюць на грыбковыя, бактэрыяльныя і паразітарныя захворванні, напрыклад, птушыных вошай і абцугоў. Умовы іх утрымання толькі спрыяюць распаўсюджванню паразітаў, якія ўжо прыстасаваліся да чысткі клетак і могуць жыць па-за целам носьбіта.

Ва ўсім свеце людзей пачынае цікавіць, адкуль паходзяць яйкі, якія штодзень з’яўляюцца на іх сталах. Занепакоенасць лёсам нясушак прывяла да таго, што ЗША, Канада і краіны ЕС паступова адмаўляюцца ад клетак і прымаюць законы аб абароне сельскагаспадарчых жывёлаў. Беларускае ж заканадаўства застаецца занадта агульным і састарэлым: мы дагэтуль не маем акрэсленых патрабаванняў да таго, як жывёлы павінны ўтрымлівацца, а таксама няма і адміністрацыйных органаў, якія б кантралявалі іх дабрабыт.

Існуе некалькі альтэрнатыў клеткаваму ўтрыманню птушак. Напрыклад, калі куры жывуць у зачыненых хлявах, дзе для іх усталёўваюць скрыні для гнездавання і курасадні ўздоўж падлогі. Лічыцца, што такі метад значна лепшы для курэй за клеткавы, але ён таксама мае свае недахопы. З-за павелічэння актыўнасці птушак узровень пылу звычайна павышаецца, а якасць паветра памяншаецца. Калі зніжаецца якасць паветра, зніжаецца і вытворчасць яек, бо ставіцца пад пагрозу здароўе і дабрабыт як птушак, так і працаўнікоў фермы.


Аўтар фота – Andrew Skowron


Нарэшце, апошнім часам у свеце папулярнасць набірае вольны выпас: ён дазваляе птушкам свабодна гуляць на працягу дня, хоць іх і зачыняюць у хляве па начах, каб абараніць ад драпежнікаў, або калі надвор’е асабліва дрэннае. Такім чынам куры вядуць больш здаровы лад жыцця, бо яны маюць доступ да свежага паветра, сонца, фізічных практыкаванняў, што паляпшае і якасць іх яек.


Аўтарка фота – Mirela Kowalska


Цешыць, што 95% апытаных беларусаў упэўненыя: куры не павінны жыць у клетках. Гэта сведчыць пра тое, што мы добра ўспрынялі б прыняцце адпаведнага заканадаўства і пазітыўныя змены ў супермаркетах і рэстарацыях.

А вы б перайшлі на бясклеткавыя яйкі?

*Фота з акаўнта Otwarte Klatki на flickr.com